Чацвёра армянскіх вайскоўцаў загінулі, яшчэ адзін атрымаў раненні ў раёне памежнай вёскі Сотк Гегаркунікскай вобласці ў выніку абстрэлу з боку азербайджанскай арміі, паведамілі ў Мінабароны Арменіі.
«Падраздзяленні УС Азербайджана вялі агонь са стралковай зброі і мінамётаў у кірунку армянскіх пазіцый», — гаворыцца ў паведамленні вайсковага ведамства, а таксама паведамляецца, што па стане на 14.30 назіраецца зніжэнне інтэнсіўнасці агню.
Мінабароны Арменіі апублікавала відэа, на якім, як сцвярджае ведамства, відаць, што УС Азербайджана канцэнтруюць дадатковыя сілы ў раёне вёскі Сотк.
Напярэдадні Мінабароны Азербайджана заяўляла, што 31 жніўня ў 22.15 падраздзяленні УС Арменіі абстралялі са стралковай зброі пазіцыі азербайджанскіх вайскоўцаў.
Азербайджанскія СМІ абвінавацілі Ерэван у сцягванні на памежжа бранятэхнікі, беспілотнікаў і самых баяздольных сіл.
«Паводле нашых звестак, у гэтыя хвіліны армянскае войска з дапамогай цяжкай артылерыі інтэнсіўна абстрэльвае пазіцыі УС Азербайджана на ўмоўнай мяжы ў Кяльбаджарскім кірунку. На гэты момант у нас трое параненых», — піша выданне Сaliber.az.