Сайт арганізацыі BELPOL не працаваў нейкі час. Праўладны тэлеграм-канал «ЖС. Premium» заявіў пра «захоп рэсурсу» хакерамі. Адзін з заснавальнікаў арганізацыі ў каментары для «Люстэрка» растлумачыў: сайт сапраўды быў пашкоджаны ў выніку масіраванай вонкавай атакі, аднак ніякая закрытая інфармацыя не трапіла ў рукі нядобразычліўцаў.
Раніцай 27 студзеня сайт арганізацыі BELPOL не адкрываўся і паказваў паведамленне пра памылку. На момант публікацыі ён зноў працуе.
Прапагандысцкі тэлеграм-канал заявіў, што нейкія хакеры «ўзламалі Belpol» і «выкралі базу яе нядбайных удзельнікаў». У якасці доказу аўтары паведамлення прыклалі спасылку на вэб-архіў на адной са старонак сайта, на якой было апублікаванае відэа з чырвона-зялёным фонам. Пры гэтым якіх-кольвек базаў ці асабістых звестак «хакеры» не выклалі.
Адзін з заснавальнікаў BELPOL Уладзімір Жыгар у каментары для «Люстэрка» растлумачыў: атака на іх сайт сапраўды была, і не адна. Аднак зламыснікі падчас яе не атрымалі ніякай інфармацыі, акрамя той, што ўжо размешчаная ў адкрытым доступе.
— Цягам некалькіх месяцаў наш навінавы сайт атакавалі. У сярэднім за суткі каля 200−220 мільёнаў разоў. У выніку абарона не справілася, і ён быў пашкоджаны. Часам такое бывае. У сувязі з тым, што сайт навінавы, ніякай інфармацыі (акрамя той, што была апублікаваная) у ім не было. Нават дакументы і база фальсіфікатараў не былі туды інтэграваныя.


Прадстаўнік арганізацыі нагадаў, што доступ на сайт закрыты для наведнікаў з Беларусі. Яны могуць праглядаць старонкі толькі з дапамогай VPN. Гэтая мера дзейнічае даўно і скіраваная на бяспеку карыстальнікаў.
Жыгар лічыць, што маштаб атакі паказвае, «хто сапраўды пагражае рэжыму». Ён нагадаў, што менавіта супрацоўнікі BELPOL першымі назвалі дату прэзідэнцкіх выбараў (і, відаць, змусілі ўлады гэтую дату змяніць). Таксама ўдзельнікі арганізацыі атрымалі і апублічылі засакрэчаныя спісы чальцоў выбарчых камісій, праз што на яе завялі крымінальную справу ў Беларусі. Акрамя таго, у BELPOL таксама апублікавалі падрабязны даклад з доказам фальсіфікацый.
— Так што іх актыўнасць супраць нас зразумелая, і ўсё, што яны змаглі, — гэта дацягнуцца да нашага сайта шляхам шматмесячных атак. Але нашыя вынікі нашмат сур’ёзнейшыя, — лічыць Уладзімір Жыгар.
Чытайце таксама