У сеціве пачалі масава з’яўляцца сайты, старонкі ў сацсетках і рэклама, якія нібыта звязаныя з праектам пашпарта Новай Беларусі. Гэтыя старонкі — фэйкавыя і створаныя для збору персанальных звестак беларусаў, расказаў прадстаўнік Кабінета па міжнародных справах Валерый Кавалеўскі.
«Мы не збіраем персанальных звестак беларусаў анлайн. Орган, які будзе адказваць за збор, апрацоўку і захоўванне персанальных звестак беларусаў, толькі ствараецца. Збіраць хоць нейкія звесткі цяпер заўчасна — таму мы гэтага не робім!» — сказаў ён.
Паводле яго, Кабінет не запускае і не плануе запускаць якой-кольвек рэкламы з мэтай збору персанальных звестак беларусаў.
«Цяпер колькасць беларусаў, гатовых стаяць у чарзе па новы нацыянальны пашпарт Беларусі, такая, што мы не бачым неабходнасці ствараць і запускаць такія рэкламныя кампаніі», — адзначыў палітык.
«Адзіная кампанія, якую мы цяпер актыўна вядзём, — гэта „рэклама“ праекта новага нацыянальнага пашпарта Беларусі заходнім партнёрам», — дадаў Кавалеўскі.
У Кабінеце ўпэўненыя, што толькі рэжым мог стварыць такую агрэсіўную і танную кампанію па зборы персанальных звестак беларусаў.